image description

МЧС Республики Беларусь

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС (газета "Звязда")

913

Дзяжурныя службы — вушы і вочы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. Набіраючы нумары «101» або «112», менавіта сюды трапляюць людзі, калі ў іх здарылася бяда. І ад таго, наколькі інфарматыўнай будзе размова з дыспетчарам, які адказвае на званкі, залежыць тое, як хутка на месца надзвычайнай сітуацыі прыбудуць ратавальнікі — і чым, што немалаважна, яны будуць «узброеныя».


Начальнік Цэнтра аператыўнага кіравання Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Аляксандр Мельнічэнка.

Начальнік Цэнтра аператыўнага кіравання Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Аляксандр Мельнічэнка.

«Мозгам» МНС з'яўляюцца цэнтры аператыўнага кіравання, якія ажыццяўляюць каардынаванне дзейнасці раённых падраздзяленняў. Тут у курсе ўсіх надзвычайных здарэнняў, якія адбываюцца на тэрыторыі вобласці. Менавіта ў Цэнтры прымаецца рашэнне аб выдзяленні неабходных сіл і сродкаў, адбываецца арганізацыя выратавальных аперацый. Тут не бывае выхадных і свят — у любы момант людзям можа спатрэбіцца дапамога ратавальнікаў. А яны, у сваю чаргу, заўсёды ў боегатоўнасці: за лічаныя хвіліны збяруць патрэбнае абсталяванне і выедуць туды, дзе іх чакаюць.

Ад дыспетчара залежыць многае

У Цэнтры аператыўнага кіравання Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, дзе днямі пабывала карэспандэнт «Звязды», рэдка калі бывае зацішша. Міншчына — адзін з найбольш густанаселеных рэгіёнаў краіны. Тут сканцэнтраваны вялікія прамысловыя аб'екты. Увесь час у нейкім раёне вобласці патрабуецца дапамога ратавальнікаў. У Цэнтры, куды трапляе ўся аператыўная інфармацыя, рашэнні прымаюцца хутка і ўзважана.

— Адказваючы на паведамленні, дыспетчар першы прымае на сябе псіхалагічны ўдар, калі на тым канцы проваду знаходзіцца чалавек, які просіць аб дапамозе, прычым ім можа аказацца як дзіця, так і чалавек з абмежаванымі магчымасцямі, — гаворыць начальнік Цэнтра аператыўнага кіравання Мінскага абласнога ўпраўлення МНС маёр унутранай службы Аляксандр Мельнічэнка. — Дыспетчар павінен заставацца стрыманым, мець «халодны» розум, вельмі неабходны для прыняцця рашэння. Які населены пункт, што там канкрэтна адбываецца, якую тэхніку неабходна выслаць — нельга ўпусціць ні адной дэталі. Ёсць літаральна долі секунды, каб прыняць пэўнае рашэнне, ад якога можа залежаць жыццё чалавека.

На дыспетчары — вялікая адказнасць. І размова не толькі пра своечасова адпраўлены на месца здарэння нарад, хоць гэта шмат што вырашае, а хутчэй пра псіхалогію. Не так даўно ў Салігорску ў дзяжурную службу МНС патэлефанавала дзяўчынка і паведаміла аб пажары. Падлетак знаходзіўся адзін дома, таму сказаць, што яна была ў паніцы — нічога не сказаць. Дыспетчар трымала сувязь з непаўналетняй увесь час, пакуль да яе ехалі пажарныя. Школьніца заставалася на балконе і да самага прыбыцця ратавальнікаў выконвала ўсе рэкамендацыі дыспетчара, дзякуючы чаму і выжыла.

У практыцы супрацоўнікаў МНС былі і выпадкі, калі ў дзяжурную службу тэлефанавалі дзеці, паведамляючы аб надзвычайным здарэнні, але пры гэтым не маглі ўспомніць свайго адраса. Дыспетчары ведаюць, як дзейнічаць і ў такіх сітуацыях. Дзякуючы навадным пытанням (напрыклад, «што бачыш з акна?» або «якая крама знаходзіцца побач?») вопытным спецыялістам нескладана высветліць прыкладны адрас і ў выніку выратаваць чалавека.

— Лік у дадзеных сітуацыях ідзе на секунды, — заўважае Аляксандр Мельнічэнка. — І менавіта ад дыспетчара залежыць многае. Гэта вельмі адказная работа: ты павінен прыняць паведамленне, дакладна зразумець яго, адправіць у патрэбнае месца адпаведныя сілы і сродкі.

Яшчэ адно жыццё магло б раптоўна абарвацца, калі б не правільна падабраныя дыспетчарам дзяжурнай службы словы. Мужчына са Смалявіч патэлефанаваў на «112» і сказаў, што хоча скончыць жыццё самагубствам. Гэта была няпростая размова спецыяліста з відавочна нездаровым чалавекам, аднак трагедыю ўдалося папярэдзіць. Калі падраздзяленні МНС прыехалі на адрас таго, хто сабраўся звесці рахункі з жыццём, іх дапамога не спатрэбілася: мужчына раскайваўся ў сваім намеры і дзякаваў жанчыне, якая на тым канцы лініі выратавала яму жыццё... словам.

— Дыспетчар павінен валодаць майстэрствам псіхалогіі, — удакладняе афіцыйны прадстаўнік Мінскага абласнога ўпраўлення Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Анастасія Швайбовіч. — Вельмі важна знайсці правільныя словы. Асабліва для дзіцяці, каб яно паверыла, што не адно ў надзвычайнай сітуацыі. І вельмі карысная парада бацькам: як толькі ваша дзіця пачало добра размаўляць, яно павінна дакладна ведаць свой дамашні адрас. Гэта значна аблегчыць работу ратавальнікам у выпадку надзвычайнай сітуацыі і, магчыма, выратуе дзіця ад трагедыі.

Выпадковых людзей няма

Прычына № 1, з якой тэлефануюць ратавальнікам, — пажар. Агонь — з гэтай стыхіяй складана справіцца самастойна. Сутыкаюцца супрацоўнікі МНС і з надзвычайнымі сітуацыямі тэхнагеннага характару. Калі на пачатковым этапе хімічную аварыю не ліквідаваць, наступствы могуць быць вельмі крытычнымі. Нярэдка ўмяшанне ратавальнікаў неабходнае і падчас дарожна-транспартных здарэнняў.

У апошнія гады супрацоўнікі МНС сталі часцей выязджаць на пошукі людзей, якія згубіліся ў лесе. Асабліва востра такая праблема стаіць у сезон грыбоў і ягад. Як заўважаюць у МНС, у большасці сваёй тое, што яны згубіліся, людзі пачынаюць усведамляць у абед. Аднак спачатку яны чамусьці тэлефануюць сваякам, знаёмым, а калі ўжо пачынае цямнець і тэлефон разраджаны, успамінаюць пра ратавальнікаў. Патрэбна выцягнуць кагосьці з вады, зняць дзіця з даху будынка — усюды прыйдуць на дапамогу ратавальнікі, якія без перабольшання з'яўляюцца ўніверсальнымі салдатамі.

Як прызнаюцца ў МНС, тут выпадковых людзей няма. Многія пачыналі свой шлях з пажарных і прайшлі добрую школу жыцця. Рэгулярна яны ўдасканальваюць сваё майстэрства і падчас вучэнняў, дзе адпрацоўваецца не толькі тушэнне пажараў, а і самыя розныя сітуацыі, якія толькі могуць быць.

Галоўны аператыўны дзяжурны Аляксандр Малаковіч.

Галоўны аператыўны дзяжурны Аляксандр Малаковіч.

Як заўважае галоўны аператыўны дзяжурны Аляксандр Малаковіч, характар паведамленняў, што паступаюць у МНС, мяняецца ў залежнасці ад сезона. «Аднак незалежна ад пары года лідзіруюць паведамленні аб пажарах, — кажа маёр унутранай службы. — У зімовы час паступае інфармацыя аб аварыйных сітуацыях на сістэмах жыццязабеспячэння: аварыі з ацяпленнем, з адключэннем электразабеспячэння. Летам найбольш паведамленняў аб пажарах у прыродных экасістэмах: узгаранне травы, тарфянікаў і іншага. У любы час года можа адбыцца абрушэнне пэўных канструкцый, дарожна-транспартныя здарэнні таксама ўсесезонныя».

Да работы ў цэнтры аператыўнага кіравання Аляксандр Малаковіч браў непасрэдны ўдзел у тушэнні пажараў і ліквідацыі іншых надзвычайных сітуацый. Ратаванне людзей для яго доўгі час было штодзённай работай. У біяграфіі — шмат выратаваных жыццяў. Успамінаецца, як падчас «Хаўера» ўдалося вызваліць са снежнага палону звыш дзесяці чалавек. Са сціпласцю, якая, відаць, уласцівая большасці ратавальнікаў, згадвае і тое, як знімаў дзяўчынку з тэлефоннай вышкі.

Дыспетчар Цэнтра аператыўнага кіравання Марына Калянькова.

Дыспетчар Цэнтра аператыўнага кіравання Марына Калянькова.

Дыспетчар Цэнтра аператыўнага кіравання Марына Калянькова адказвае на званкі ўжо больш як дзесяць гадоў. Яна таксама дзяжурыла акурат у тыя суткі, калі на вуліцах краіны гаспадарыў цыклон «Хаўер». Паведамленняў, успамінае супрацоўніца МНС, было безліч. У першую чаргу рэагавалі на найбольш важныя. Напрыклад, дапамагалі машыне хуткай дапамогі, што ў Пухавіцкім раёне з-за моцнага снегападу не магла даехаць да дзіцяці, якога пакусаў сабака. «Самая галоўная рыса для дыспетчара нашай службы — спакой, — лічыць Марына Калянькова. — Людзі часта тэлефануюць, будучы ў паніцы, называюць не свае адрасы, і дыспетчару вельмі важна не разгубіцца ў такіх сітуацыях. Жанчыне, як паказвае вопыт, прасцей знайсці агульную мову з тымі, хто на іншым канцы проваду».

«Дапамагаем усім і ва ўсім»

У цэнтры аператыўнага кіравання яшчэ ведаюць усё пра надвор'е. Кантралюючы метэаралагічную абстаноўку, супрацоўнікі МНС загадзя рыхтуюцца да прыродных анамалій. Напрыклад, калі прагназуюць снегапады, раёнам даецца распараджэнне падрыхтаваць тэхніку павышанай праходнасці. Днямі, калі вецер літаральна збіваў з ног, МНС загадзя апавясціла насельніцтва аб непагадзі.

— Наша асноўная задача — ратаванне жыццяў людзей і папярэджанне надзвычайных сітуацый, — адзначае начальнік Цэнтра аператыўнага кіравання Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Аляксандр Мельнічэнка. — Падчас званка дыспетчар адказвае: «Чым вам дапамагчы?» І мы дапамагаем усім і ва ўсім. Ніколі не застаемся ўбаку ад любой складанай сітуацыі і заўсёды рэагуем. Нават калі паведамленне не закранае нашых прафесійных задач, інфармацыю мы перадаём у адпаведныя службы і кантралюем, як яны аказваюць дапамогу канкрэтнаму чалавеку.

Дыспетчар Цэнтра аператыўнага кіравання Марына Іванова.

Дыспетчар Цэнтра аператыўнага кіравання Марына Іванова.

Дыспетчар Цэнтра аператыўнага кіравання Марына Іванова, якая працуе ў МНС больш чым 14 гадоў, кажа, што апошнім часам шмат званкоў, звязаных з ратаваннем людзей на водах. Гаворка ў асноўным пра рыбакоў, якія выходзяць на неакрэплы лёд. «Чалавек, які тэлефануе ў МНС, часта бачыць толькі сваю праблему, — прызнаецца дыспетчар. — Масава такія званкі паступаюць падчас непагадзі. Людзям тлумачыш, што службы працуюць, але не ўсе маюць цярпенне чакаць».

Не абыходзіцца і без ілжывых званкоў. Тэхніка ў любым выпадку выедзе на пажар, нават калі той фіктыўны. Аднак людзі, якія паведамляюць непраўдзівую інфармацыю, павінны разумець, што пакуль да іх едуць ратавальнікі, дзесьці могуць загінуць людзі.

Вераніка КАНЮТА

Фота Мінскага абласнога ўпраўлення МНС

Чытаць на сайце https://zviazda.by/be/news/20220118/1642516911-ekstranaya-dapamoga-yak-pracue-centr-aperatyunaga-kir...

Искать похожие новости:

Будь готов

Другие новости


Назад
Министерство
Закрыть
Закрыть Закрыть Закрыть
Закрыть

Центральный аппарат МЧС

Территориальные управления

Департаменты

Закрыть

Территориальные управления

Закрыть