image description
 

Учреждение Гродненское областное управление МЧС Республики Беларусь

 

Бяспечная печ – бяспечны дом!

365

  34 - ці вялікая лічба? Калі гаварыць пра колькасць пажараў, безумоўна, вялікая. Менавіта столькі разоў вогненная стыхія выходзіла з-пад людскога кантролю сёлета на тэрыторыі Навагрудскага раёна. Прычынай трагедыі амаль паловы выпадкаў стала парушэнне правілаў прылад або эксплуатацыі пячнога ацяплення.

У рамках акцыі «За бяспеку разам!» старшы інспектар раённага аддзела МНС Наталля Фасцянкова разам са старшынёй Валеўскага сельвыканкама Дзмітрыем Піваварчыкам правялі сумесны рэйд у населеных пунктах сельсавета. Мы таксама далучыліся да рэйдавага мерапрыемства.
– Высвятленне ўзроўню пажарнай бяспекі і ўмоў пражывання ў домаўладаннях грамадзян – галоўная мэта ўсіх рэйдавых мерапрыемстваў, якія накіраваны на папярэджанне ўзнікнення пажараў, надзвычайных сітуацый і гібелі ад іх людзей, – адзначыла падчас рэйду Наталля Фасцянкова. – «Мой дом – мая крэпасць» – гучыць вядомая народная прымаўка. Аднак не ўсе грамадзяне клапоцяцца пра бяспеку і дапускаюць парушэнні правілаў пажарнай бяспекі, што часта прыводзіць да непапраўных наступстваў. Пра гэта ў чарговы раз нагадвае статыстыка пажараў на тэрыторыі нашага раёна. 80% пажараў адбываюцца з-за неасцярожнага абыходжання з агнём, гэта значыць па віне самога чалавека. Мы, выратавальнікі, згодны з урачамі, якія лічаць, што лепшае лячэнне – гэта прафілактыка, таму актыўна займаемся прафілактычнай работай з насельніцтвам. Грамадзяне, якія неаднаразова ігнаруюць патрабаванні пажарнай бяспекі могуць быць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
Спраўнасць пячнога ацяплення і праводкі, належны стан газавай пліты, наяўнасць аўтаномнага пажарнага апавяшчальніка і паліва на зіму – гэтымі пытаннямі цікавіліся прадстаўнікі раённага аддзела МНС і сельвыканкама падчас наведвання домаўладанняў. Пад пільнай увагай знаходзяцца сем’і, якія выхоўваюць дзяцей, асобы, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, злоўжываюць спіртнымі напіткамі, а таксама адзінокія пажылыя грамадзяне і інваліды.
Зайшоўшы ў домаўладанне Юрыя Зайко, жыхара аг. Валеўка, ужо з парога адчулі пах цыгарэт, дровы, адзенне ляжаць побач з печчу.
– На тэрыторыі сельсавета нямала людзей, якія нярэдка «паляпшаюць» свае будні алкаголем, яны проста забываюць аб прасцейшых правілах бяспекі. Практычна ва ўсіх нязменны атрыбут інтэр’ера – попельніца, забітая недакуркамі. З імі праводзяцца размовы, папярэджваем аб адказнасці за сваё жыццё і тых, хто жыве з імі побач, аднак не ўсе разумеюць усю сур’ёз­насць сітуацыі і працягваюць курыць дома, – гаворыць старшыня сельвыканкама Дзмітрый Піваварчык. – У Юрыя Аркадзьевіча ёсць згубная звычка курыць дома. Заўвагі, якія былі яму зроблены выратавальнікамі, ён выправіў – заменена электраправодка, пабелены комін, печ адрамантавана, а вось беспрарадак дома застаўся. У нашым сельсавеце працуе назіральная камісія ў складзе 10 чалавек. Заўсёды пад пільнай увагай адзінокія і адзінокапражываючыя, шматдзетныя сем'і. На асобым кантролі аматары заглянуць у бутылку. Усе 100 % абследаваны. Тых, хто злоўжывае спіртнымі напіткамі, выклікаем на савет прафілактыкі. Многія разумеюць і абяцаюць прыслухоўвацца да заўваг, але нярэдка гэта бывае да першай выпітай чаркі. Калі гаварыць пра людзей ва ўзросце, то большасць жыхароў сельсавета добрасумленна падрыхтавалі свае печы, жыллё да зімы, выправілі парушэнні пажарнай бяспекі, якія былі зроблены. Радуе тое, што і дзеці з разуменнем адносяцца, калі просім дапамагчы выправіць заўвагі выратавальнікаў. Усяго было праверана 740 домаўладанняў, выяўлена 136, выпраўлена 127 парушэнняў.
Завіталі з аглядам і да грамадзян, якія пражываюць адны, да шматдзетных сямей як у аг. Валеўка, так і ў в. Навасады.
– Уважліва сочым за тым, каб не парушаць правілы пажарнай бяспекі. На столі замацаваны АПА. Яшчэ летам былі ачышчаны дымаходы ад сажы, даўно замянілі і старую электраправодку, – адзначае пенсіянерка Наталля Адамаўна Зайко. – Наведзены парадак на дахах. Печкамі карыстаюся ўсё жыццё і ведаю, што патрэбна паліць задоўга да сну і не перапальваць, лепш прапаліць некалькі разоў на дзень.
  У доме Галіны Антонаўны Ясевіч электрычнае ацяпленне, але печ таксама ёсць. Праўда, ёй жанчына даўно не карыстаецца.
  Асноўная ўвага падчас рэйду ўдзялялася стану пячнога ацяплення, электраправодкі, наяўнасці і рабоце аўтаномных апавяшчальнікаў.
  – Часцей за ўсё пажары адбываюцца менавіта ў дамах безадказных гаспадароў, – падкрэсліла старшы інспектар райадзела МНС Наталля Фасцянкова.
  Каб цяпло хатняга ачага было бяспечным, трэба да наступлення халадоў ліквідаваць усе непаладкі. У першую чаргу – прачысціць комін. Назапашаная ў ім сажа не толькі пагаршае цягу, але і можа стаць прычынай узгарання.
  Гэту працэдуру лепш право­дзіць не радзей аднаго разу ў два месяцы. Неабходна праверыць і наяўнасць шчылін, заладзіць іх, пабяліць вапнавым растворам. Апошняе робіцца для таго, каб на белым фоне можна было своечасова заўважыць расколіны. Бо самая малая іскра, якая вылеціць, можа прывесці да надзвычайнага здарэння.
  На драўлянай падлозе перад топкай трэба прыбіць металічны ліст памерамі не менш як 50 на 70 см. Тапіць печ рэкамендуецца два-тры разы ў дзень, але не больш чым па паўтары гадзіны.
Некаторыя лянівыя гаспадары для таго, каб сырыя дровы загарэліся хутчэй, падліваюць у печ бензін і іншыя гаручыя вадкасці. Гэта таксама можа прывесці да пажару. Попел, вугаль трэба выдаляць у спецыяльна адведзеныя для гэтага месцы, далей ад пабудоў.
  Таксама інспектар нагадала, што пры любых відах гарэння, карыстаецеся вы печамі або газавымі калонкамі, утвараецца чадны газ. Ён не мае колеру, паху, пры першых прыкметах атручвання чалавек пачынае адчуваць галаўны боль і ўдушша. Пры высокай канцэнтрацыі можа наступіць страта свядомасці і параліч. А калі скапленне газу ў паветры больш за 1,2% – чалавек памірае за некалькі секунд.
  – Нельга раней часу закрываць засаўку коміна, гэта значыць пакуль вуглі цалкам не прагараць, – расказала Наталля Сяргееўна.
  Спыняць топку печы трэба не пазней, чым за дзве гадзіны да адыходу да сну. Падчас сну чалавек не адчуе, калі ў памяшканні запахла дымам, і шансаў застацца ўжывых практычна не застаецца.
Як паказвае статыстыка, часта пажары адбываюцца ў дамах, дзе жывуць састарэлыя людзі. І прычынай таму – не толькі парушэнне правілаў пажарнай бяспекі і неасцярожнасць з-за дрэннага зроку і памяці. На жаль, пажылыя людзі не заўсёды могуць адрамантаваць пячное абсталяванне. Таму кожнаму з нас, у каго родныя засталіся ў вёсцы, трэба прывесці ў належны стан печ і ўсталяваць у жылых пакоях аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі.
  – Але не толькі з дапамогай печаў ратуюцца ад холаду. Іх адсутнасць або недахоп магутнасці цэнтральнага ацяплення кампенсуюцца абагравальнікамі, – дадала работнік МНС. – Сучасныя мадэлі досыць бяспечныя пры ўмове іх правільнай эксплуатацыі. Але перад тым, як карыстацца прыборам, лепш прачытаць інструкцыю.
  Не забывайце, што калі ў адну разетку падключыць адразу некалькі электрапрыбораў, то нагрузка можа апынуцца непасільнай для сеткі. Асабліва гэта тычыцца старых дамоў са старой электраправодкай. Калі пры ўключэнні электрапрыбора асвятленне становіцца крыху слабейшым – гэта дакладная прыкмета таго, што сетка перагружана.
  – Нярэдка падчас рэйдаў усё яшчэ выяўляем людзей, якія ў электралічыльніках замест аўтаматычных засцерагальнікаў абароны паставілі так званых жучкоў. Гаспадары, якія пайшлі на такую хітрасць, не задумваюцца, што засцерагальнік у выпадку перагрузкі сеткі абясточыць дом і, што самае важнае, папярэ­дзіць пажар, – адзначыла работнік РАНС. – Тыповым для многіх домаўладанняў з'яўляецца і адсутнасць батарэек у аўтаномных пажарных апавяшчальніках.
  На Навагрудчыне на працягу кастрычніка праходзіць рэспубліканская акцыя «За бяспеку разам!», а з ёй працягнуцца і візіты супрацоўнікаў раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях да грамадзян. Галоўная мэта наведвання домаўладанняў – аказанне дапамогі тым, хто з-за шаноўнага ўзросту або фізічнага стану мае патрэбу ў дапамозе ў забеспячэнні бяспечных умоў пражывання.
  Па матэрыялах газеты «Новае Жыццё»

Будь готов

Другие новости


 

Приглашаем на службу
Приглашаем на службу
Волшебная книга
Волшебная книга
Моб. приложение
Моб. приложение

Министерство
Закрыть
Закрыть Закрыть Закрыть
Закрыть

Центральный аппарат МЧС

Территориальные управления

Департаменты

Закрыть