image description
 

Учреждение Гродненское областное управление МЧС Республики Беларусь

 

Навагрудак. На асаблівым кантролі

827

  Адна з су р’ёзных праблем неблаганадзейных грамадзян – злоўжыванне спіртнымі напіткамі. А вось іх жылыя памяшканні, іншымі словамі, – прытоны, пакідаюць жадаць лепшага і становяцца бядой для суседзяў. Нярэдка ў іх збіраюцца асобы, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, хаваюцца ад праваахоўнікаў, ладзяць застоллі і начлежкі. Як паказвае статыстыка, аматары цыгарэт і алкаголю становяцца асноўнымі віноўнікамі і пажараў, бо не ў стане забяспечыць бяспеку пражывання. А тут дробязей не бывае.

 Любая, нават самая нязначная няспраўнасць, можа абярнуцца трагедыяй. У чарговы рэйд, па так званых прытонах, мы накіраваліся сумесна з работнікамі Навагрудскага РАНС і РАУС.
  Асноўныя задачы такіх рэйдаў – прафілактыка ўчынення злачынстваў і адміністрацыйных правапарушэнняў, нагадаць правілы пажарнай бяспекі ў індывідуальным жыллі, дзеянні пры ўзнікненні надзвычайнай сітуацыі, данесці да неблаганадзейных грамадзян разуменне таго, што іх лад жыцця нясе пагрозу не толькі ўласнай бяспецы, але і навакольным людзям. Падчас прафілактычных рэйдаў і мерапрыемстваў выратавальнікі і праваахоўнікі заклікаюць да пільнасці як саміх жыльцоў такіх кватэр, так і іх суседзяў, просяць своечасова прадухіліць непрадбачаныя сітуацыі.
  Спісы ж такіх неблаганадзейных кватэр ёсць як у супрацоўнікаў міліцыі, так і ў выратавальнікаў. Яны пастаянна наведваюцца туды з мэтай кантролю і прафілактыкі. Наша рэйдавая група наведала прытоны, якія знаходзяцца ў горадзе і на тэрыторыі Уселюбскага сельвыканкама. У адных выпадках нас сустракалі дзверы на замку, у іншых – не адразу прапускалі ў сваё жыллё, адкуль несліся спецыфічныя пахі, антысанітарыя ў кожным доме. Спецыялісты нагадвалі пра шкоду алкаголю і пра тое, да якіх наступстваў можа прывесці гэтая згубная звычка, а таксама правяралі прыборы ўліку, патэнцыяльна небяспечнае абсталяванне, захаванне правілаў супрацьпажарнай бяспекі, цікавіліся, калі будзе пагашана запазычанасць па аказаных камунальных і іншых паслугах, папярэджвалі аб тым, што будзе ў адваротным выпадку.
  Пры аглядзе жылля Пятра М. у в. Нізаўцы начальнік Навагрудскага райадзела МНС Дзмітрый Максімовіч адзначыў, што печ знаходзіцца ў аварыйным стане, відны пашкоджанні па ўсёй плошчы, печкавыя дзверцы не зачыняюцца, на прадтопачным лісце смецце. У доме няма электрычнасці, АПА не працуе, раскіданы недакуркі і запалкі, паўсюль валяюцца бутэлькі ад спіртных напіткаў, ложак ператварыўся ў шафу, усюды забруджана. Папярэджанне вынесена Пятру М. начальнікам РАНС. А ў самы бліжэйшы час прадстаўнікі адпаведных службаў зноў наведаюцца ў гэты дом з чарговай праверкай.
  Па словах старышыні Уселюбскага сельвыканкама Івана Чарнэля, мужчына яшчэ не на пенсіі, нідзе не працуе, вядзе асацыяльны лад жыцця, у яго доме нярэдка збіраюцца «сябры», – аматары выпіць. Жыллё на асаблівым кантролі. Дом мужчыне дастаўся ў спадчыну. Раней недалёка жыла дачка, але год назад выехала ў суседні раён. Праўда, і яе лад жыцця не адрозніваецца ад бацькі. Частымі гасцямі ў яго доме бываюць людзі з суседніх вёсак, якія таксама вядуць асацыяльны лад жыцця.
  Далей рэйдавая група на чале са старшынёй сельвыканкама і начальнікам РАНС накіравалася ў вёску Рахавец, дзе таксама пражывае некалькі неблаганадзейных грамадзян. Не засталі дома мы ні грамадзянку Ш., ні братоў С. Дамы былі на замку. Да іх таксама ў бліжэйшы час завітаюць у госці праваахоўнікі і выратавальнікі, бо мужчыны і жанчына стаяць на прафілактычным уліку ў міліцыі і ў выратавальнікаў да іх таксама ёсць пытанні.
У аг. Уселюб на парозе дома, у якім некалькі гадоў таму адбыўся пажар і падчас якога загінулі два чалавекі, нас сустрэла Наталля Ш. Жанчына пражывае ў доме з Яўгеніем Ж. – сынам загінулага гаспадара.
– Электрычнасць у доме адключана, а набліжаецца зіма, рана цямнее! Не думаеце, як будзеце зімаваць і як абаграваць сваё жыллё. Ужо холадна, а каб карыстацца печчу, вам трэба ачысціць ад сажы дымаход і паштукатурыць, пабяліць яго, навесці парадак у доме. І раю ўладкавацца на працу, зрабіць рамонт, – робіць заўвагі Дзмітрый Сяргеевіч. – Нагадваю: не курыце ў доме і абавязкова ўстанавіце АПА. Выправіце заўвагі – старшыня сельвыканкама патэлефануе, а мы прыедзем, праверым. У іншым выпадку будзеце плаціць штраф за невыкананне правіл пажарнай бяспекі. Вы павінны турбавацца самі пра сваё жыллё і жыццё, каб зноў не здарыўся пажар і не было такіх жа страшных наступстваў.
  На наступны дзень мы далучыліся яшчэ да адной рэйдавай групы. Разам са старшым участковым інспектарам аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Навагрудскага РАУС Валянцінам Рагулем і інспектарам сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю РАНС Бажэнай Паляковай завіталі да навагрудчан, якія вядуць асацыяльны лад жыцця.
  Прыватны дом па вул. Катоўскага – адзін з першых, куды мы заглянулі, бо ён на пільным кантролі. У доме пражывае з сужыцелем жанчына, якая пазбаўлена бацькоўскіх правоў, знаходзілася на лячэнні ў ЛПП, пастаяннага месца працы ў іх няма, працуюць на сезонных работах. Гаспадара Віктара К. дома не было, сужыцельніца Жанна А. адкрывае дзверы хутка, пры гэтым з парога папярэджвае, што да візіту чужых людзей яна была не гатова. У пакоях, сапраўды, беспарадак. Адзенне, абутак, посуд, гаспадарчы інвентар – усё раскідана па пакоях і разам з непрыбранымі пасцелямі і раскіданымі рэчамі, стварае непрыемнае ўражанне. Пры гэтым у інспектара не было магчымасці праверыць дымаход, аднак па стане печы відаць, што яна патрабуе рамонту ў самы бліжэйшы час. Па адпаведным паху адчувалася, што ў доме кураць. А пацвярджэнне таму – цэлы пакет недакуркаў ляжаў на печы.
  – На першы раз вам робім заўвагу, на наступны раз прыйдзецца заплаціць немалы штраф, калі не выправіце ўсе заўвагі і будзеце курыць дома, – сказала інспектар Бажэна Палякова. – Абавязкова павінен быць спраўны АПА, навядзіце парадак у доме, нам абавязкова патрэбна праверыць стан дымахода.
  Падобная сітуацыя была і па наступным адрасе. Дом па завулку Валчэцкага ўзяты на асаблівы кантроль. У жніўні тут было ўчынена цяжкае злачынства. Падчас распіцця алкагольных напіткаў паміж двума братамі Л., якія пражывалі ў доме ў грамадзяніна Івана Ш., узнікла сварка. У адносінах да аднаго з братоў Л. заведзена крымінальная справа.
Падчас наведвання ў доме знаходзіўся гаспадар, якому былі зроблены заўвагі па пажарнай бяспецы, утрыманні не ў належным стане печы, не працаваў АПА. Участковы інспектар яшчэ раз нагадаў мужчыне пра шкоду алкаголю і пра тое, да якіх наступстваў можа прывесці гэтая згубная звычка. Лепш знайсці працу і спыніць гулянкі, каб не трапіць у ЛПП.
  – Участковыя інспектары, выратавальнікі частыя госці ў праблемных грамадзян. У падобных месцах застоллі нярэдка перарастаюць у скандалы і разборкі, завяршаюцца крадзяжамі маёмасці і грошай у «сяброў-сабутыльнікаў».
  Падобныя рэйды – дзейсны метад працы, накіраваны на прафілактыку злачынстваў і правапарушэнняў, папярэджання пажараў і гібелі на іх. І далей такія мерапрыемствы будуць праводзіцца на пастаяннай аснове, бо галоўная мэта – захаваць жыцці людзей, папярэдзіць, дапамагчы выйсці з цяжкай сітуацыі, а для гэтага патрэбна толькі жаданне грамадзян, якія вядуць асацыяльны лад жыцця.
  Па матэрыялах газеты «Новае Жыццё»

Искать похожие новости:

Будь готов

Другие новости


 

Приглашаем на службу
Приглашаем на службу
Волшебная книга
Волшебная книга
Моб. приложение
Моб. приложение

Министерство
Закрыть
Закрыть Закрыть Закрыть
Закрыть

Центральный аппарат МЧС

Территориальные управления

Департаменты

Закрыть