Учреждение Гродненское областное управление МЧС Республики Беларусь
- Адреса и телефоны
- 230005, г. Гродно, пер. Дзержинского, д. 15
- (+375 152) 43-35-53
- (+375 152) 48-16-40
- grodno@mchs.gov.by
Мой тата – выратавальнік
Для многіх нашых землякоў 19 студзеня – Дзень выратавальніка – не проста дата ў календары, а прафесійнае свята. Пажары, дарожна-транспартныя здарэнні, ураганы, патопы – гэтыя і шматлікі пералік іншых здарэнняў даводзіцца ліквідаваць і выратавальнікам-пажарным.
А дома іх чакаюць блізкія людзі, яны перажываюць, іх сэрцы шчымяць ад таго, што тата, муж, брат ці сын у дадзены момант рызыкуе сваім жыццём, ратуючы іншых.
Выратавальнікі-пажарныя першымі ідуць на дапамогу. Складана нават ацаніць іх гераізм і мужнасць, бясстрашнасць і рызыку. Мы гаворым ім самыя цёплыя словы падзякі за працу, за ахвяраванні ўласным жыццём і здароўем!
Ганарацца сваімі татамі сыны і дочкі выратавальнікаў. Сёння мы даведаемся, якія яны – таты-героі навагрудскіх хлопчыкаў і дзяўчынак.
– Мой тата – старшы пажарны пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 г.Навагрудка. Гэта самы мужны чалавек на свеце, які ніколі і нікому не дасць мяне пакрыўдзіць, – расказвае Ульяна пра свайго тату Руслана Ціхановіча, які на працягу 22 гадоў працуе ў службе выратавання. – Прафесію пажарнага тата выбраў таму, што яму падабаецца дапамагаць людзям: ён тушыць пажары, ратуе людзей і іх жыллё. Праца вельмі цікавая і адказная. Часам пасля доўгіх дзяжурстваў ён стомленым прыходзіць дадому, але заўсёды знаходзіць час пагаварыць са мной, даведацца аб справах у школе, дапамагчы з урокамі. Я лічу, што прафесія выратавальніка – адна з найважнейшых, і ганаруся сваім татам.
Вадзіцель Навагрудскага Дзяніс Мяцеліца – прыклад для пераймання не толькі для калег, але і свайго 16-гадовага сына Уладзіслава.
– Аднойчы я задумаўся над выказваннем – герой нашага часу. Ці ёсць у наш мірны час героі? Адважныя, смелыя, мужныя... Дакладна ведаю, што ёсць – гэта агняборцы. І адзін з іх – мой тата Дзяніс Іванавіч, – гаворыць Уладзіслаў Мяцеліца. – Ведаю, што навагрудскія выратавальнікі ўсе вопытныя, адважныя, згуртаваныя, гатовыя ў любы момант прыйсці на дапамогу людзям. Яны штодня сустракаюцца тварам у твар са смяротнай небяспекай, змагаюцца, вядуць барацьбу з агнём. Праўда, пра гэта тата вельмі рэдка расказвае дома і не лічыць сябе героем. Аднак для мяне ён заўсёды быў і будзе прыкладам для пераймання, маім дарадцам і самым блізкім чалавекам. Разам з матуляй мы заўсёды з нецярпеннем чакаем тату з дзяжурства.
Амаль 29 гадоў на варце бяспекі навагрудчанін Міхаіл Хрышчановіч, які зараз працуе дыспетчарам пажарнай аварыйна выратавальнай часці №1 г.Навагрудка.
– Прафесія дыспетчара МНС займае цэнтральнае месца ў пажарна-выратавальнай службе. Менавіта да дыспетчара прыходзіць першая інфармацыя аб здарэннях. А таксама тата «суправаджае» выратавальнікаў-пажарных да завяршэння ліквідацыі ўзгарання, – з веданнем справы расказвае аб прафесіі таты Андрэй Хрышчановіч. – Мой тата самаадданы, мужны, надзейны, высокапрафесійны, валявы і вельмі сціплы ў звычайным жыцці мужчына. Мяне тата прывучае да спорту, разам катаемся на веласіпедах, захапляемся хакеем. Я вельмі ганаруся татам.
– Самае галоўнае для пажарных – уменне працаваць у камандзе, разумець адзін аднаго з паўслова, бо дзейнічаць трэба дакладна, хутка і рашуча. На рахунку ў нашага таты Яўгенія Смаляка і яго калег шмат патушаных пажараў і выратаваных людзей, – гавораць сын Арцём і дачка Анастасія. – Ведаем, што прафесія таты цяжкая і небяспечная. Выратавальнікам часта даводзіцца працаваць у экстрэмальных умовах, рызыкаваць жыццём. Ім прыходзіцца забываць аб слабасцях і эмоцыях, дзейнічаць хутка і смела. Для нас тата самы лепшы, добры і клапатлівы. Нягледзячы на тое, што ў яго вельмі шмат работы і выездаў на здарэнні і што часам вельмі стамляецца, ён заўсёды знаходзіць для нас час. Выхадныя дні ён праводзіць з намі, часта адпачываем на прыродзе. Наш тата прыклад для нас ва ўсім, вялікі гонар, і мы імкнёмся быць падобнымі на яго.
Па матэрыялах газеты «Новае Жыццё».