- Адреса и телефоны
- 230005, г. Гродно, пер. Дзержинского, д. 15
- (+375 152) 43-35-53
- (+375 152) 45-37-94
- grodno@mchs.gov.by
Навагрудак. Печ – крыніца небяспекі: за ёй сачы і пажар не дапусці!
У халодную пару года, калі жыхары прыватных дамоў паляць печы, менавіта няправільная эксплуатацыя часта становіцца прычынай пажараў. Сюды неабходна дадаць і электрычныя награвальныя прыборы, якія нясуць такую ж небяспека. Статыстыка з году ў год пацвярджае гэта, паказваючы несуцяшальныя дадзеныя.З пачаткам ацяпляльнага сезона колькасць здарэнняў з-за парушэнняў правілаў пажарнай бяспекі пры выкарыстанні печаў павялічваецца. Міністэрства надзвычайных сітуацый Рэспублікі Беларусь прыкладвае ўсе намаганні дзеля захавання чалавечых жыццяў.
З мэтай папярэджання ўзнікнення вогненных надзвычайных сітуацый карэспандэнт газеты «Новае жыццё» сумесна з навагрудскімі выратавальнікамі накіравалася ў рэйдавае мерапрыемства па населеных пунктах Уселюбскага сельскага савета.
– Толькі на тэрыторыі нашага раёна сёлета здарылася 34 пажары, загінула 5 чалавек. Нярэдка прычынай пажару становіцца парушэнне правілаў пажарнай бяспекі пры выкарыстанні печаў, – гаворыць начальнік Навагрудскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Дзмітрый Максімовіч. – Мы імкнёмся, каб такіх выпадкаў не проста стала менш, а наогул іх пазбегнуць. Таму не толькі напярэдадні наступлення халадоў, але і ўвесь час работнікі РАНС значную прафілактычную работу праводзяць з жыхарамі прыватнага жылога сектара, у чыіх дамах ёсць печы.
Аднак, нягледзячы на ўсе прыкладзеныя намаганні, усё ж пажары здараюцца. Пачатак асенне-зімовага перыяду для работнікаў МНС заўсёды напружаная пара: чым халадней на вуліцы, тым больш інтэнсіўна паляцца печы. Не заўсёды печы не вытрымліваюць, таму і становяцца прычынай пажараў і трагедый.
Перакал печы – вельмі частая прычына пажару. А як жа быць у халады? – гавораць людзі. Усё проста – паліць печ некалькі разоў на дзень, але пакрысе. Магчыма, працаёмка, затое захаваеце не толькі цяпло, але і сваё жыллё, – падкрэслівае Дзмітрый Сяргеевіч. – У чарговы раз хочацца нагадаць жыхарам нашага горада і раёна, што, каб пазбегнуць ўзнікнення пажару, трэба падтрымліваць пячное ацяпленне ў парадку, згодна з нормамі і правіламі пажарнай бяспекі. Перш за усё, печ павінна быць правільна складзеная і спраўная – гэта галоўнае! Пры распальванні, дровы выкарыстоўваць толькі той даўжыні, якая не перавышае памеры топкі. Перад пачаткам ацяпляльнага сезона абавязкова павінен быць прачышчаны дымаход, бо назапашаная ў ім сажа не толькі пагаршае цягу, але можа ў далейшым стаць прычынай узгарання. Выезды на ўзгаранне сажы ў нас нярэдкія. Усе даўно ведаюць, што комін павінен быць атынкаваны, пабелены, без трэшчын.
Рэдка, але бывае і такое, што на падлозе перад дзверцамі печы замест прыбітага металічнага ліста памерам 50 на 70 см знаходзіцца прыгожы дыван. Калі вугельчык выпадзе на яго, бяды не пазбегнуць. І не трэба забываць аб тым, што дзверцы печы павінны быць зачыненымі. А таксама пра тое, што сушыць і класці на печы на адлегласці менш за 1,25 м ад топачных адтулін паліва, адзенне і іншыя лёгкаўзгаральныя рэчывы і матэрыялы забараняецца.
Падчас рэйду па населеных пунктах Уселюбскага сельсавета, інспектар Навагрудскага РАНС Ірына Малуха нагадвала мясцовым жыхарам, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, што нельга пакідаць без нагляду печ, якую распалілі.
– Заклікаю не курыць у ложку ці седзячы ў крэсле, асабліва, калі выпілі спіртное – у такім становішчы вельмі лёгка заснуць, што можа прывесці да непапраўных наступстваў. Часта можна назіраць, як гаспадары знаходзяцца на вуліцы, а з дымахода віднеецца дым. Пакідаць без нагляду печы нельга, а яшчэ для лепшай цягі часта не зачыняюць і дзверцы. Працэс гарэння застаецца без кантролю. Гэта недапушчальна. Тым больш нельга даручаць наглядаць за печчу ці цеплагенерыруючымі ўстройствамі дзецям. Ім цікава, наглядаць, як гарыць полымя, могуць нешта кінуць у печ і акрамя паперы ці дроў. Не зачыняйце засланку коміна печы, пакуль вуголле цалкам не прагарыць. Памятайце: ад чаднага газу можна атрымаць смяротнае атручэнне і не прачнуцца, – папярэдзіла прадстаўнік выратавальнага ведамства.
Вяскоўцаў выратавальнікі прызываюць паклапаціцца пра ўласную бяспеку, усталяваўшы ў жылых пакоях аўтаномны пажарны апавяшчальнік. Ён, у выпадку задымлення, зрэагуе і падасць магутны гукавы сігнал, здольны абудзіць нават спячага чалавека.
Хочацца звярнуць увагу і на эксплуатацыю печаў, якія знаходзяцца на дачах ці дамах, якія выкарыстоўваюць пад дачу, а таксама ў лазнях. У гэтым выпадку печы доўга не эксплуатуюцца, размываецца дымаход. На печы ў гэтых пабудовах патрэбна звярнуць асаблівую ўвагу падчас карыстання.
Унутры амаль кожнага дома ў сельскай мясцовасці ачаг падвойнага прызначэння, які сагравае цяплом, аднак пагражае пажарам. І колькі б прадстаўнікі МНС не папярэджвалі вяскоўцаў і дачнікаў аб мерах засцярогі, заўсёды знаходзяцца тыя, хто, на жаль, грэбуе правіламі.
Па матэрыялах газеты «Новае Жыцце»