Учреждение Гродненское областное управление МЧС Республики Беларусь
- Адреса и телефоны
- 230005, г. Гродно, пер. Дзержинского, д. 15
- (+375 152) 43-35-53
- (+375 152) 45-37-94
- grodno@mchs.gov.by
Шчучын. Кошт бестурботнасці, ці чым абарочваюцца для насельніцтва выпальвання сухой травы
Палы леташняй травы становяцца рэальным бедствам, і не толькі ў Шчучынскім раёне. Не жадаюць вучыцца жыхары на чужых памылках, ды і самі, здараецца, наступаюць на тыя ж граблі, калі, атрымаўшы папярэджанне ў мінулы сезон, зноў падпальваюць сухую траву.
Каб правесці прафілактычную работу з насельніцтвам, карэспандэнт раённай газеты «Дзянніца» разам з начальнікам Шчучынскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іванам Венцовічам і інспектарам сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Шчучынскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Віталіем Панасевічам адправіліся ў у населеныя пункты раёна.
Сухая трава, якая засталася яшчэ з мінулага года, уяўляе рэальную пагрозу, калі раптам хтосьці нават чыста выпадкова кіне непагашаную запалку або недакурак. А тут яшчэ самі жыхары паляць вогнішчы, якія становяцца крыніцай пажараў.
– Толькі за мінулы тыдзень адбыліся два палы, якія нанеслі вялікую шкоду прыродзе, – распавядае Іван Браніслававіч. – У вёсцы Раганічы Астрынскага сельсавета згарэла 12 гектараў калгаснага поля. Пашансавала, што вецер быў ад вёскі, інакш, нават выказаць страшна, што магло б здарыцца. Вінаватая асоба прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці і будзе абавязана пакрыць шкоду, прычыненую прыродзе, на агульную суму больш за 67 тысяч рублёў. А жыхар вёскі Шынкаўцы не толькі спаліў больш за 17 гектараў калгаснага поля, якое нават работнікі гаспадаркі выязджалі тушыць, але і ўласнай гаспадарчай пабудовы пазбавіўся. Нанесены ім урон ацэньваецца ў больш як 132 тысячы рублёў.
Вёска Багуславава... Спускаемся ўніз да рэчкі па адной з вуліц. Мясцовыя жыхары, па ўсім відаць, доўга не думаюць, куды вынесці смецце і абрэзаныя на дрэвах галінкі: у пойме ракі практычна арганізавалі стыхійную звалку.
– Некалькі гадоў таму тут ужо здаралася ўзгаранне сухой травы, – успамінае мясцовая жыхарка Яніна Вацлаваўна. – Агонь вельмі хутка распаўсюджваўся і дабраўся да лесу. Таму і зараз вельмі трывожна: травы сухой шмат, дажджоў няма. Людзі павінны быць вельмі асцярожныя, каб не здарыўся пажар.
Жыхарка вёскі Хількі Лілія Чаславаўна разбуральную сілу агню ўжо, на жаль, адчула на сабе – у яе гарэла летняя кухня. Таму яна ніколі не паліць траву, належным чынам збірае і ўтылізуе смецце. І заклікае да гэтага ўсіх сваіх аднавяскоўцаў і прыезджых.
Шмат сухой расліннасці ў Балотніках, Чарняках, тых жа Хільках і ў іншых населеных пунктах. Каб не дапусціць бяды, ні ў якім разе нельга паліць сухую траву.
– Палы ўяўляюць вялікую пагрозу і для прыроды, і для насельніцтва, – кажа Віталій Панасевіч. – У гэтым годзе сітуацыя вельмі складаная: на тэрыторыі раёна адбылося 34 пала сухой расліннасці. І ўсе 34 разы на тушэнне выязджалі падраздзяленні МНС. Для параўнання, летась за аналагічны перыяд у раёне было зарэгістравана толькі два загаранні.
Парушальнікаў прыродаахоўнага заканадаўства за час рэйду мы не выявілі, але мясцовым жыхарам аб бяспецы яшчэ раз нагадалі і памяткі ўручылі.
Кропля, як кажуць, камень точыць. Шкода, якая наносіцца прыродзе, а часта і самім сабе, становіцца следствам чалавечай бестурботнасці, праславутага «авось» – авось пранясе. Калі раз і пранясе, то другі абавязкова абернецца вялікай праблемай. Падумайце аб гэтым!
Па матэрыялах раённай газеты «Дзянніца», фота газеты