Учреждение «Гродненское областное управление МЧС Республики Беларусь»
- Адреса и телефоны
- 230005, г. Гродно, пер. Дзержинского, д. 15
- (+375 152) 43-35-53
- (+375 152) 45-37-94
- grodno@mchs.gov.by
Як праходзіць спецыяльнае прафілактычнае мерапрыемства «Водны дазор» на Астравеччыне
З надыходам гарачых дзён, вадаёмы становяцца не толькі месцам адпачынку, але і зонай рызыкі. Каб не дапусціць трагедый на вадзе, работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях сумесна з супрацоўнікамі раённага аддзела ўнутраных спраў, прадстаўнікамі АСВОД і сельскіх выканаўчых камітэтаў узмацняюць прафілактычную работу.
У рамках правядзення спецыяльнага прафілактычнага мерапрыемства «Водны дазор» суб'екты прафілактыкі праводзяць рэйдавыя мерапрыемствы на вадаёмах, наведваюць працоўныя калектывы, арганізоўваюць сустрэчы ў сельскіх населеных пунктах і навучаюць хлапчукоў і дзяўчынак у дзіцячых аздараўленчых лагерах.
Перапынак на бяспеку
У цэнтры ўвагі − працоўныя калектывы раёна. Статыстыка няўмольная: часцей за ўсё на вадзе гінуць людзі ў стане алкагольнага ап'янення і рыбакі, якія грэбуюць выратавальнымі камізэлькамі. Здавалася б, вялікія ісціны, але з года ў год трагедыі паўтараюцца.
У гутарках прадстаўнікі службы «112» не проста пералічвалі правілы − яны прыводзілі прыклады з жыцця.

− Скажыце шчыра, хто з вас, ідучы на рыбалку, апранае выратавальную камізэльку? А хто бярэ з сабой на пляж алкаголь? Чалавечая бестурботнасць − галоўная прычына трагедый, − адзначылі выратавальнікі.
Работнікі МНС заклікалі ўсіх быць пільнымі і не спадзявацца на «авось» таму што вада памылак не даруе, але заўсёды дае шанец − калі ведаць правілы і не губляць галаву.
Бяспечны заплыў
У рамках «Воднага дазору» ўвагу надаюць і падрастаючаму пакаленню. На базе спартыўна-аздараўленчага комплексу «Імпульс» для дзяцей выхаваўча-аздараўленчага лагера «Адзінства» падольскай базавай школы выратавальнікі правялі навучанне, падчас якога расказалі, як не трапіць у бяду на вадаемах.

Хлапчукі і дзяўчынкі пазнаёміліся са сродкамі выратавання на вадзе, паспрабавалі выратаваць «тапельца» пры дапамозе круга і канца «Аляксандрава».
− Купацца можна толькі ў дазволеных месцах і ў прысутнасці дарослых. Калі дрэнна плаваеце, апранайце выратавальную камізэльку, круг або нарукаўнікі, – у завяршэнне сустрэчы звярнуліся прадстаўнікі службы «101» да дзяцей.
Хто ля вады ў зоне рызыкі?
Астравецкі край славіцца заказнікам «Сарачанскія азёры». Прыгожыя маляўнічыя мясціны прывабліваюць не толькі мясцовых жыхароў, але і гасцей з іншых абласцей: людзі адпачываюць, ловяць рыбу і купаюцца. Аднак, купанне ў гэтых месцах забаронена, хоць грамадзяне і бачаць знакі «Купанне забаронена», усё роўна лезуць у ваду, не задумваючыся аб наступствах. Туды і накіравалася рэйдавая група. Пад'язджаючы да вадаёма ў вёсцы Падкасцёлак суб'екты прафілактыкі назіраюць здалёку, што купаюцца дзеці. Праз некалькі хвілін з-за вугла дома выходзіць маці дзятвы. Выратавальнікі звяртаюцца да жанчыны і папярэджваюць аб магчымых наступствах такой бестурботнасці.
− Дзеці – не дарослыя! Іх нельга пакідаць адных нават на хвілінку, а тым больш каля вады. Купанне ў гэтых месцах забаронена: няма дзяжурных ратавальнікаў, вялікая глыбіня і недаследаванае дно, – тлумачаць працаўнікі МНС.
Жанчына ўважліва выслухала і паабяцала, што больш дзеці купацца там не будуць.

У працяг рэйду група адправілася на Яноўскае вадасховішча − месца, прызначанае для купання. З берага ўсё здавалася спакойна, але адплыўшы на лодцы крыху далей, выратавальнікі сустрэлі рыбака, які парушае правілы бяспекі.
− Лоўля рыбы з лодак без выратавальнай камізэлькі забаронена, − звярнуўся прадстаўнік АСВОД да мужчыны. − Сваёй бестурботнасцю вы падвяргаеце сваё жыццё небяспецы.

Рэйдавыя мерапрыемствы будуць прадоўжаны, узмоцненая работа пройдзе ў выхадныя дні. Выратавальнікі заклікаюць грамадзян быць пільнымі і выконваць правілы бяспекі!
МЧС Беларуси
МЧС Беларуси