- Адреса и телефоны
- 230005, г. Гродно, пер. Дзержинского, д. 15
- (+375 152) 43-35-53
- (+375 152) 45-37-94
- grodno@mchs.gov.by
Дзятлаускi раён. Пра бяспеку і не толькі – комплексна і даступна
У Дварэцкім доме культуры ў рамках Адзінага дня бяспекі прайшоў шырокамаштабны сельскі сход, дзе абмяркоўваліся пытанні папярэджання пажараў і гібелі людзей на іх, іншыя моманты, якія хвалююць жыхароў сельсавета.
Перад пасяджэннем людзі змаглі набыць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, вогнетушыцелі, транспартныя аптэчкі. Цікавай падзеяй для мясцовых школьнікаў стаў прыезд выратавальнікаў, якія паказалі пажарную машыну, спецабсталяванне, расказалі аб сваёй прафесіі і нават дазволілі надзець каскі.
– За 2020 год структурных змяненняў у Дварэцкім сельсавеце не адбылося, – зазначыў старшыня сельвыканкама Канстанцін Вінцукевіч, звяртаючыся да ўдзельнікаў сходу. У яго склад па-ранейшаму ўваходзяць 2 аграгарадкі і 28 вёсак. У ліку жыхароў 50 адзінокіх грамадзян, 8 адзінокіх інвалідаў, 337 пенсіянераў і 50 інвалідаў, якія жывуць адзінока, 3 непаўналетнія, якія знаходзяцца ў сацыяльна ненадзейным становішчы. Асаблівую ўвагу гэтым катэгорыям грамадзян і асобам, якія злоўжываюць алкаголем, надаюць аглядавая камісія і савет грамадскага пункта аховы правапарадку, што працуюць пры сельвыканкаме. Летась спецыялісты службаў прафілактыкі наведалі кожнага з такіх грамадзян, некаторых – неаднаразова. Нягледзячы на праведзеную работу, адбыліся 2 пажары (у Абелькавічах гарэла сухая трава, у Дварцы – баня).
Начальнік Дзятлаўскага раённага аддзела МНС Сяргей Казушчык адзначыў, што людзі часта грэбуюць правіламі бяспекі, не думаючы пра наступствы. Напрыклад, з 28 зарэгістраваных летась у раёне пажараў, 17 адбыліся па прычыне неасцярожнага абыходжання з агнём. Ён нагадаў пра неабходнасць рэгулярна правяраць пячное ацяпленне і чысціць дымаходы, заклікаў абсталёўваць жылыя пакоі аўтаномнымі пажарнымі апавяшчальнікамі, якія штогод ратуюць сотні жыццяў. Удзельнікам сходу паказалі прафілактычны відэаролік “Павінен ведаць кожны”, раздалі памяткі аб правілах бяспекі ў быце.
Прычыны, якія могуць прывесці да прызнання дзіцяці ў сацыяльна ненадзейным становішчы, удзельнікам сходу патлумачыла сацыяльны педагог сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава Алена Даргевіч.
Правілы карыстання газам у побыце нагадаў старшы майстар газазабеспячэння Дзятлаўскага раёна Пётр Горбач.
Сваімі ўражаннямі ад VI Усебеларускага народнага сходу з прысутнымі падзяліўся дэлегат ад Дзятлаўшчыны, старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі. Завяршыўся сход канцэртам артыстаў мясцовага Дома культуры.
Па матэрыялах газеты “Перамога”