- Адреса и телефоны
- 230005, г. Гродно, пер. Дзержинского, д. 15
- (+375 152) 43-35-53
- (+375 152) 45-37-94
- grodno@mchs.gov.by
Дзятлава. На сельскім сходзе у Жукоўшчыне гутарылi аб бяспецы
Самы страшны вораг чалавека – ён сам. Наша неасцярожнасць, адкладванне на заўтра, пазіцыя “гэта са мной не здарыцца” і нават празмерная даверлівасць могуць саслужыць нам кепскую службу. На гэтым засяродзілі ўвагу ўдзельнікаў сельскага сходу ў Жукоўшчыне выратавальнікі і прадстаўнікі службаў раёна, тым больш што ў пачатку года на тэрыторыі сельсавета адбыўся пажар, на якім гаспадар дома ўратаваўся, дзякуючы пажарнаму апавяшчальніку.
Перад мерапрыемствам каманда пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1 горада Дзятлава наведала мясцовую школу, дзе навучэнцам праз віктарыну выратавальнікі нагадалі правілы бяспекі, прадэманстравалі пажарную тэхніку і абсталяванне.
Старшыня Жукоўшчынскага сельвыканкама Валерый Верамейчык звярнуў увагу прысутных на тое, што правілы бяспекі тычацца не толькі дарослых мясцовых жыхароў, але і дзяцей, чыя цікаўнасць з надыходам цёплага над’вор’я актывізавалася.
Начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Казушчык адзначыў, што ў вясновы перыяд, акрамя неасцярожнага абыходжання з агнём пры курэнні і іншых знаёмых нам прычын пажараў, на першы план выходзіць сезонная навала – выпальванне сухой расліннасці. Пераацэнка ўласных магчымасцяў, разлік справіцца з агнём самастойна часта прыводзяць да бяды. Праз аналітычна-навучальны фільм выратавальнікі прадэманстравалі, як правільна і бяспечна пазбаўляцца ад леташняй сухой расліннасці.
Супрацоўніца Цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва Галіна Касцюк заклікала дарослых дзяцей не забывацца пра сваіх пажылых бацькоў, своечасова дапамагаць ім, а пільных суседзяў – паведамляць у сацыяльную службу пра людзей, якія маюць патрэбу ў дапамозе.
Актуальнымі сталі пытанні, якія закранула ў сваёй прамове галоўны спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Алена Чайкоўская. Яна папрасіла бацькоў быць больш уважлівымі да выхавання дзяцей, паспрабаваць папярэдзіць дзіцячае свавольства, каб потым не давялося гараваць або кампенсаваць страты дзяржаве.
– Газавую пліту трэба мяняць праз дваццаць гадоў выкарыстання, нават калі здаецца, што яна ў ідэальным стане, – адказаў на пытанне мясцовай жыхаркі спецыяліст раёна газазабеспячэння Пётр Горбач. – Для тых, хто не паклапаціўся загадзя аб сямейным бюджэце, існуе сістэма растэрміновак.
Падрахункаваў папярэднія выступленні старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі. Карыстаючыся выпадкам, ён нагадаў пра “біч” апошняга часу – махлярства з банкаўскімі пластыкавымі карткамі, ахвярамі якога стала нямала жыхароў раёна, заклікаў прысутных не губляць пільнасць і не ўступаць ні ў якія стасункі з махлярамі.
Сельскі сход у Жукоўшчынскім сельсавеце завяршыўся канцэртам, які падрыхтавалі мясцовыя артысты.
Удзельнікі мерапрыемства змаглі набыць пажарныя апавяшчальнікі, элементы сілкавання да іх і нават вогнетушыцелі ў імправізаваным гандлёвым пункце добраахвотнага пажарнага таварыства.
Па матэрыялах газеты «Перамога»