- Адреса и телефоны
- 230005, г. Гродно, пер. Дзержинского, д. 15
- (+375 152) 43-35-53
- (+375 152) 45-37-94
- grodno@mchs.gov.by
"Куру, але я ж асцярожна"
За 10 месяцаў гэтага года ў Гродзенскай вобласці зафіксавана 577 пажараў, у якіх загінулі 50 чалавек, 80 пажараў адбылося з-за непатушанай цыгарэты – яны забралі 15 людскіх жыццяў.
Пры гэтым найчасцей пажаранебяспечныя сітуацыі ствараюць самі людзі. А калі казаць пра пажары з-за непатушанай цыгарэты, то на момант узнікнення ўзгарання практычна 90 % загінулых знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення. Нягледзячы на пастаянную прафілактыку, не мінула “цыгарэтная” праблема і Дзятлаўшчыну: з 19 пажараў ад пачатку года адзін – з-за тлеючага акурка. На гэты раз жыццё людзей уратаваў пажарны апавяшчальнік, але наступным разам так можа і не пашанцаваць.
Рэдакцыя газеты “Перамога” – пастаянны ўдзельнік прафілактычных рэйдаў МНС. І калі для ратаўнікоў гэта магчымасць навучыць і папярэдзіць насельніцтва, то для журналістаў – зразумець прычыны. Чаго толькі не пачуеш у адказ на простае пытанне: “Вы курыце?”! – “Куру, але ж я асцярожна…”, “Іншым разам лепш пакуру, чым паем”, “А чым яшчэ радаваць сябе тут, у вёсцы?”. Усё часцей цыгарэта становіцца для людзей нагодай адпачыць, супакойвальным сродкам, маленькай радасцю, лепшым сябрам або нават спаведнікам. Сумна, але п’янае курэнне – таксама ў ліку традыцыйных забаваў нашых грамадзян. Аднойчы надыходзіць момант, калі цыгарэта з сябра ператвараецца ў рабаўніка і забойцу. “Пранясе, абыдзецца, са мной такога не здарыцца”, – усё адно думаюць абывацелі, ігнаруючы довады ратаўнікоў і розуму. Іншым разам задумаешся: ці варта зноў і зноў папярэджваць тых, хто не хоча слухаць?
Аднак выратавальнікі не пакідаюць надзеі дастукацца да свядомасці людзей, адпраўляючыся ў чарговы прафілактычны рэйд у межах рэспубліканскай акцыі “Не прапальвай сваё жыццё”, якая праходзіць у Беларусі з 8 па 18 лістапада. Сёння іх маршрут супадае з траекторыяй руху аўтамагазіна: каля выязнога гандлю ёсць найбольшы шанц сустрэць мясцовых жыхароў.
У межах рэйда разам з інспектарам Дзятлаўскага райадзела МНС Мікітам Кандратовічам мы завіталі ў вёскі Явар, Буйкі, Сверплевічы. Ён расказаў вяскоўцам аб небяспецы і наступствах п’янага курэння, уручыў памяткі па тэме акцыі і эксплуатацыі пячнога ацяплення.
Работнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях не спадзяюцца на шчаслівы выпадак. Яны давяраюць прыказцы, што вада камень точыць, а бесперапынная прафілактычная работа, нарэшце, дасць станоўчы вынік.
Па матэрыялам газеты «Перамога»