- Адреса и телефоны
- 230005, г. Гродно, пер. Дзержинского, д. 15
- (+375 152) 43-35-53
- (+375 152) 45-37-94
- grodno@mchs.gov.by
Шанс на выпраўленне ёсць у кожнага
Кожны чалавек сам выбірае свой шлях, сваю дарогу, па якой будзе ісці. І пакуль адны добрасумленна працуюць, ствараюць сем’і і выхоўваюць дзяцей, іншыя – злоўжываюць спіртнымі напіткамі, учыняюць правапарушэнні, вядуць разгульны лад жыцця і часам становяцца пагрозай для навакольных і членаў сваіх сем’яў.
У сераду, 18 кастрычніка, у Брольніцкім сельвыканкаме адбылося выязное пасяджэнне грамадскага пункта аховы правапарадку, на якое былі запрошаны людзі, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Яны не першы дзень на кантролі ў міліцыі, да іх рэгулярна наведваюцца члены назіральных камісій. У выпадку, калі ніякіх зрухаў па выпраўленні зробленых заўваг не было, такіх грамадзян запрашаюць на пасяджэнні ГПАП.
Як можна дапамагчы тым, хто апынуўся на краі бездані, што яны самі думаюць пра сваё жыццё і чаму нічога не робяць для таго, каб змяніць яго, – гэтыя і іншыя пытанні абмеркавалі начальнік Навагрудскага РАУС Руслан Хамко, пракурор Навагрудскага раёна Міхаіл Разуваеў, начальнік РАНС Дзмітрый Максімовіч, начальнік упраўлення адукацыі райвыканкама Людміла Мароз, начальнік аддзела па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Жанна Каўлюкевіч, старшыня Брольніцкага сельвыканкама Святлана Макар, прадстаўнікі іншых зацікаўленых структур.
На пасяджэнні былі разгледжаны індывідуальныя выпадкі. У кожнага з запрошаных свой лёс і гісторыя, але ўсіх аб’ядноўвае згубнае захапленне спіртнымі напіткамі.
– Згубныя звычкі і паводзіны выклікаюць трывогу за будучыню, бяспеку і дабрабыт вашых дзяцей, – звяртаючыся да адной з жанчын, якая была выклікана на пасяджэнне, адзначыў Міхаіл Разуваеў. – У вашым выпадку ідзе гаворка аб неналежным выкананні бацькоўскіх абавязкаў, калі ва ўгоду ўласным слабасцям вы ахвяруеце самым дарагім: здароўем, дабрабытам, спакоем уласных дзяцей. Дзеці не павінны пакутаваць з-за вашых згубных звычак.
– І на кожную заўвагу ў вас ёсць апраўданні. Складаецца такое ўражанне, што вашым дзецям не патрэбна такая маці. Трэба прымаць кардынальныя меры, – дадаў Руслан Хамко. – Вашы дзеці маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, бо пра іх не думае матуля. Калі нашы парады вамі не будуць прыняты, то прымаем больш жорсткія меры. Тых, хто адмаўляецца хадзіць на працу нават пасля дапамогі ў працаўладкаванні і не пагашае запазычанасці перад дзяржавай, адпраўляем у лячэбна-працоўныя прафілакторыі.
Маці двух непаўналетніх дзяцей на пасяджэнне была запрошана па звароце педагогаў навучальнай установы і кіраўніцтва ўпраўлення адукацыі. Трывогу выклікае злоўжыванне жанчынай спіртнымі напіткамі, нежаданне працаўладкавацца, а больш за ўсё тое, што дзеці недагледжаныя. Пры наведванні сям'і настаўнікамі, камісіяй па справах непаўналетніх райвыканкама маці і бабуля, якая пражывае сумесна, знаходзіліся ў стане алкагольнага ап'янення. На дадзены момант сям’я знаходзіцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. У гэтай сітуацыі выклікае надзею тое, што маці будзе неабыякавы лёс дзяцей, яна пераасэнсуе пачутае і прыме меры па выпраўленні памылак: уладкуецца на працу і пазбавіцца галоўнай праблемы – перастане злоўжываць алкаголем. Самае прыкрае, што яна неаднаразова абяцала зрабіць вывады… А заложнікамі гэтай сітуацыі з’яўляюцца дзеці.
Згубныя звычкі і паводзіны ўсіх запрошаных людзей, невыкананне патрабаванняў назіральных камісій, пражыванне без рэгістрацыі, злоўжыванне спіртнымі напіткамі выклікаюць трывогу ў праваахоўнікаў, выратавальнікаў, спецыялістаў устаноў адукацыі і іншых зацікаўленых структур за іх будучыню, бяспеку і дабрабыт, а таксама родных. Кожная сітуацыя была разгледжана вельмі дэталёва, праведзена індывідуальная прафілактычная работа з запрошанымі. Грамадзянам вынесены папярэджанні аб магчымых далейшых наступствах у выпадку працягу падобных паводзін. У адказ кожны запэўніваў, што выправіцца і перагледзіць свае жыццёвыя арыенціры. Па кожнай сітуацыі прыняты рашэнні і дадзены даручэнні з вызначэннем тэрмінаў выканання.
Усё гэта павінна дапамагчы вырашыць праблемы і пачаць новае цвярозае жыццё, бо шанс на выпраўленне ёсць у кожнага.
В. Пісар, «НЖ»