- Адреса и телефоны
- 230005, г. Гродно, пер. Дзержинского, д. 15
- (+375 152) 43-35-53
- (+375 152) 45-37-94
- grodno@mchs.gov.by
Навагрудак. Пляжны сезон – не за гарамі!
Што за летні адпачынак без купання? Смутак, ды і толькі. Асабліва калі сонейка прыпякае, вадаёмы так і вабяць, так і запрашаюць акунуцца. Аднак вада можа ўяўляць небяспеку – у Беларусі штогод тонуць людзі.
Каб летні адпачынак не быў азмрочаны трагічнымі падзеямі, трэба не толькі ведаць, але і выконваць правілы бяспечных паводзін на вадзе. А наколькі зоны адпачынку Навагрудчыны гатовыя да прыёму наведвальнікаў у гэтым сезоне, мы паглядзелі, прыехаўшы на вадаёмы сумесна з работнікамі Навагрудскага РАНС і таварыства выратавання на водах.
На жаль, гінуць і дзеці, і дарослыя. Так, у 2019 годзе ў Навагрудскім раёне патануў 1 чалавек, у 2020 г. – 2 чалавекі, у 2021 г. – 3 жыхары раёна. У 2022 г. на тэрыторыі раёна патанулі 4 чалавекі. Усе патанулі на вадаёмах, дзе купацца забаронена. Тры чалавекі знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.
У 2023 г. два няшчасныя выпадкі здарыліся з дзвюма жыхаркамі раёна, якія патанулі.
Згодна з арт. 23.63 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях, купанне ў забароненых месцах рэк, азёр ці іншых вадаёмаў цягне накладанне штрафу ў памеры ад 1 да 3 базавых велічынь.
На тэрыторыі Навагрудскага раёна – 4 вадаёмы, дзе дазволена купацца. Гэта азёры Літоўка, Свіцязь, Маладзёжнае і ўзбярэжжа ракі Нёман у г.п. Любча. Купанне дазволена не па ўсёй тэрыторыі азёр, а толькі на пляжах, дзе ўладкаваны выратавальныя пасты. На іншых водных аб’ектах, якія размешчаны на тэрыторыі раёна, купацца забаронена.
Да кожнага летняга сезона вядзецца падрыхтоўка і праверка месцаў адпачынку. Члены рэйдавых груп аглядаюць пад'езды да аб'ектаў, стан пакрыцця праезнай часткі, дарожныя знакі паблізу месцаў адпачынку і парковак, стан пляжаў, наяўнасць стэндаў з правіламі бяспечных паводзін на вадзе. Таксама ацэньваюцца парковачныя месцы, веласіпедныя і пешаходныя дарожкі, спраўнасць шлагбаўмаў.
– На ўсімі любімых азёрах Свіцязь, Літоўка і Маладзёжнае ўжо ўсё гатова для бяспечнага адпачынку, засталося дачакацца толькі таго, калі прагрэецца паветра і вада. На азёрах працуюць выратавальныя пасты, дзе нясуць дзяжурства матросы-выратавальнікі. Завяршаюцца работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі пляжа на беразе ракі Нёман у г.п. Любча, – паведаміў старшыня РА РДГА «Беларускае рэспубліканскае таварыства выратавання на водах» Мікалай Кетка. – Выратаванне і ахова жыцця людзей на вадзе – наш клопат. Выратавальныя пасты абсталяваныя неабходнымі сродкамі для кантролю за паводзінамі адпачывальнікаў, выратавання і аказання першай дапамогі пацярпелым, абноўлены і ўстаноўлены буйкі, на пляжах размешчана наглядная агітацыя аб мерах бяспечных паводзін на вадзе, маецца неабходная колькасць раздзявальняў, кантэйнераў для асобнага збору цвёрдых бытавых адходаў, праведзены іншыя неабходныя падрыхтоўчыя работы. Ва ўсіх чатырох зонах адпачынку ўстаноўлены выратавальныя пасты, дзе нясуць дзяжурства матросы-выратавальнікі. Яны працуюць ужо з 1 мая ў дзённы час сутак, да 20.00, ноччу дзяжурства не нясуць. З 1 чэрвеня дзяжурствы на вадаёмах будуць весціся да 22.00.
Падчас наведвання возера Маладзёжнае мы сустрэлі непадалёку хлопчыка, які гуляў на спартыўнай пляцоўцы. Дзмітрый Буйвал жыве нападалёку ад возера. Таму, як і многія яго аднагодкі, ды і гараджане, любіць пакупацца тут. Праўда, хлопец прызнаўся, што ў купальны сезон на возера ходзіць толькі з бацькамі і старэйшымі братамі.
Выратавальнікі звяртаюцца да насельніцтва з просьбай выконваць правілы бяспекі каля вады, не пакідаць дзяцей без нагляду паблізу вадаёмаў.
– Купацца трэба толькі ва ўстаноўленых месцах. Калі вы бачыце надпісы «Купацца забаронена», «Купацца небяспечна» – ні ў якім разе не рызыкуйце. Ваш выбар – зона вадаёма, абсталяваная таблічкай «Месца для купання», – адзначае старшы інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Навагрудскага раённага аддзела МНС Наталля Фасцянкова. – Нагадаю, што за купанне ў забароненых месцах пагражае штраф ад адной да трох базавых велічынь. Ні ў якім разе не заходзьце ў ваду пасля ўжывання алкагольных напіткаў. Не адплывайце далёка ад берага, калі вы дрэнна плаваеце і карыстаецеся рознымі надзіманымі прадметамі. Вас можа захліснуць хваляй, матрац або надзіманае кола часта выслізгвае з-пад плыўца. Будзьце асабліва пільныя, калі разам з вамі каля вадаёма дзеці. Як бы добра ні плавала дзіця, не дазваляйце яму купацца на глыбіні, ніколі не пакідайце без нагляду або на старэйшых дзяцей. Навучыце дзяцей клікаць на дапамогу дарослых, калі хтосьці тоне, растлумачце, што выратаванне патрабуе спецыяльных навыкаў.
На пляжы – ні грама спіртнога. За распіццё алкагольных напояў у грамадскіх месцах альбо з’яўленне ў стане алкагольнага ап'янення пагражае штраф. Прадугледжаны штраф і за развядзенне вогнішчаў у забароненых месцах.
Навагрудчане і госці нашага раёна змогуць адпачыць, не асцерагаючыся за сваё жыццё і здароўе пры ўмове захавання ўстаноўленых правіл паводзін на вадзе. Бяспека вады і адпаведнасць яе санітарным нормам і стандартам таксама будзе адсочвацца, як і наяўнасць у зонах адпачынку стэндаў з актуальнай інфармацыяй па бяспечных паводзінах.
В. ПІСАР, «Новае Жыццё»