- Адреса и телефоны
- 230005, г. Гродно, пер. Дзержинского, д. 15
- (+375 152) 43-35-53
- (+375 152) 48-16-40
- grodno@mchs.gov.by
Навагрудскі раён. Небяспека – закінутыя дамы
Усе мы ведаем, што часам свабодны доступ у закінутыя будынкі можа паслужыць прычынай трагедыі, а калі туды залазяць дзеці, то пагроза павялічваецца ў разы. Не адзінкавыя выпадкі, калі гульні ў закінутых старых будынках прыводзіць да траўматызму, а часам і да гібелі дзяцей.
Навагрудскі раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях штодня праводзіць рэйды па выяўленні пустуючых дамоў, будынкаў і збудаванняў, дзе не прыняты арганізацыйныя меры па прадухіленні несанкцыянаванага доступу грамадзян. У адзін з такіх рэйдаў па населеных пунктах Ладзеніцкага, Брольніцкага і Нягневіцкага сельскіх Саветаў мы накіраваліся разам з першым намеснікам начальніка РАНС Дзмітрыем Максімовічам.
– Закінутыя месцы прывабліваюць сваёй таямнічасцю, што выклікае да іх цікавасць, асабліва сярод моладзі, але гэтыя месцы гэтак жа ў сабе ўтойваюць схаваныя пагрозы ў сувязі з аварыйнасцю, траўманебяспечнасцю. Падобныя аб’екты, на жаль, маюцца як у сельскай мясцовасці, так і горадзе, – адзначыў Дзмітрый Сяргеевіч. – У большасці будынкаў – паўразбітыя вокны, прагніўшыя падлога, сцены і дах, горы смецця, у якіх могуць знаходзіцца небяспечныя для жыцця прадметы. Любая частка такога дома можа абрынуцца ў любы момант і нанесці шкоду людзям, якія знаходзяцца побач. А закінутыя прыватныя дамы часта гараць, уяўляюць пагрозу для суседзяў, з’яўляюцца месцам збору падлеткаў і людзей, якія вядуць амаральны лад жыцця. У апошні час гэта адна з актуальных праблем.
На тэрыторыі Навагрудскага раёна ў 2020 годзе патрабуецца выдаліць 495 аварыйных дрэў, правесці знос 76 непрыдатных да эксплуатацыі старых будынкаў, правесці ачыстку 121 пажаранебяспечных участкаў ад драўняна-хмызняковай і сухой расліннасці.
Падчас рэйду быў выяўлены шэраг парушэнняў санітарных нормаў, правілаў добраўпарадкавання і пажарнай бяспекі. У прыватнасці, у аг. Гарадзечна занепакоенасць прадстаўніка РАНС выклікае пустуючы, закінуты двухпавярховы будынак былога ўпраўлення мясцовага сельскагаспадарчага прадпрыемства. Вокны абодвух паверхаў будынка не забіты дошкамі. Разам з тым, уваход у названы будынак не абмежаваны. Без перашкод па лесвіцы, якая знаходзіцца ў аварыйным стане, можна падняцца на другі паверх. У некаторых памяшканнях кучы смецця, а вось у некаторых – прыбрана, тут знаходзіцца і канапа. Па ўсім відаць, тут збіраецца моладзь і хутчэй за ўсё вечарамі. І страшна ўявіць, якія наступствы могуць быць…
За каментарыем мы звярнуліся да антыкрызіснага упраўляючага ААТ «Гарадзечна» Аляксандра Макрушыча.
– Гэты будынак – набалелае пытанне. Будынак знаходзіцца на балансе нашага прадпрыемства і будзе выстаўлены на аўкцыён. Дзверы і вокны будынка былі забіты дошкамі, аднак нехта ўсё гэта адарваў. У самы бліжэйшы час мы вырашым гэту праблему, – паабяцаў Аляксандр Генадзьевіч.
Зразумела, што аб закінутым будынку вядома было і да рэйду, толькі вось чамусьці «рукі так і не даходзілі». Застаецца здагадвацца: чакалі прыезду работнікаў МЧС ці трагедыі, каб навесці парадак.
Калі гаспадар толькі «на паперы»
Падчас рэйду не ўзнікла пытанняў у першага намесніка РАНС Дзмітрыя Максімовіча да жыхароў жылых дамоў у вёсках Несутычы, Старыя Нягневічы – праблем з пажарнай бяспекай няма. Аднак нямала ў гэтых населеных пунктах нежылых дамоў, якія пустуюць.
– Многім можа здацца, што гэтыя закінутыя будынкі не ўяўляюць небяспекі. Аднак тэрыторыя каля іх зарасла пустазеллем у чалавечы рост, кустарнікамі. У такіх умовах павышаецца верагоднасць узнікнення пажару ад непатушанай запалкі або цыгарэты, а часам і разведзенага непадалёку вогнішча. Пажар у лічаныя хвіліны можа перакінуцца на бліжэйшыя жылыя дамы, аўтамабілі ці ж распаўсюдзіцца на сухую расліннасць. Такія будынкі могуць знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці ад лясных масіваў, што пагражае ўзнікненнем ляснога пажару і нанясення вялікага ўрону прыродзе, – адзначае Дзмітрый Максімовіч. – Каб выключыць магчымыя трагічныя выпадкі, работнікі МНС праводзяць працу па папярэджанні пажараў у нежылых і закінутых будынках. Настойліва раім грамадзянам, якія маюць неэксплуатаваныя будынкі, прымаць меры па абмежаванні доступу ў іх дзяцей і асоб без пэўнага месца жыхарства. Праводзіць ачыстку тэрыторыі ад сухой расліннасці, тым самым выключаючы магчымасць узнікнення пажару.
Праблема значнай колькасці пустуючага жылля мае паўсюдны характар і патрабуе пастаяннага прыняцця адпаведных мер. Знос дамоў – гэта крайняя мера. Па кожным населеным пункце вядзецца ўлік пустуючых дамоў, ёсць усе неабходныя звесткі пра іх. На тэрыторыі Нягневіцкага сельвыканкама пустуючых 105 дамоў, у Старых Нягневічах такіх дамоў 16. На тэрыторыі Брольніцкага сельсавета – 96 дамоў, у Несутычах – 13.
– Сёння мы можам прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці грамадзян за парушэнне правілаў утрымання населеных пунктаў, – тлумачаць старшыня Брольніцкага сельвыканкама Святлана Макар і старшыня Нягневіцкага сельвыканкама Васілій Рудакоўскі. – Чалавек адзін раз заплаціць штраф, другі... А на трэці, можа, задумаецца, што з гэтым домам рабіць – альбо наводзіць парадак, альбо прадаваць, альбо перадаць стары дом на баланс сельскага савета пад знос. Калі ёсць уласнік, усё проста. Але часцей назіраецца іншая карціна. Уласнік быццам бы ёсць, але ў правы на дом не ўступае, не рэгіструе яго на сябе. Пытанні з пустуючымі дамамі застаюцца.
Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што па выніках рэйду былі выяўленыя і станоўчыя прыклады па ўтрыманні пустуючых будынкаў. Такія прыклады адзначыў Дзмітрый Максімовіч у аг. Нягневічы. Па ўсім відаць, што тут жывуць і працуюць гаспадары «не толькі на паперы».
Па матэрыялах газеты «Новае Жыццё»