- Адреса и телефоны
- 230005, г. Гродно, пер. Дзержинского, д. 15
- (+375 152) 43-35-53
- (+375 152) 48-16-40
- grodno@mchs.gov.by
Дзятлаўскі раён. Віншаванні прымалі выратавальнікі
Сухіх рукавоў! - гэта традыцыйнае пажаданне пажарным-выратавальнікам: каб не здарылася бяда! Яго шчыра і шчодра адрасавалі ў гэтыя дні работнікам пажарнай службы раёна. А нагода важкая - прафесійнае свята. 25 ліпеня, яго адзначаюць тыя смелыя, мужныя, моцныя духам людзі, якія прыходзяць на дапамогу ў надзвычайных сітуацыях.
Напярэдадні адбыліся мерапрыемствы-ўшанаванні, на якіх уручаны ўзнагароды, агучаныя загады аб прысваенні чарговых званняў, а моладзь прыняла прысягу вернасці справе выратавальніка.
Так, 23 ліпеня стала адметным днём для двух маладых выратавальнікаў - Сяргея Кардаша і Дзяніса Скрундзя, якія нядаўна прынятыя на службу. Адбылося ўрачыстае прыняцце прысягі ля помніка воінам-інтэрнацыяналістам, што ў цэнтры Дзятлава. Павіншавалі новае папаўненне начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Казушчык і яго намеснік Аляксандр Бяленка. Прысутныя ўшанавалі памяць загінуўшых воінаў-інтэрнацыяналістаў хвілінай маўчання і ўсклалі вянок да помніка.
24 ліпеня адбылося ўрачыстае ўручэнне ўзнагарод за шматгадовую, бездакорную службу ў шэрагах выратавальнікаў, якое адбывалася на пляцоўцы каля раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.
Так, падзячнымі лістамі старшыні Дзятлаўскага райвыканкама за ўзорнае выкананне службовых абавязкаў і з нагоды прафесійнага свята адзначаны камандзіры аддзяленняў пажарнай аварыйна-выратавальнай часткі № 1 Уладзімір Грамадскі і Дзяніс Русін. Іх уручыў намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Юрый Залеўскі.
- Ад раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў, ад сябе асабіста, як старшыні камісіі па ліквідацыі надзвычайных сітуацый, віншую выратавальнікаў, ветэранаў пажарнай службы з прафесійным святам! - звярнуўся да прысутных Юрый Пятровіч. - Жадаю сямейнага дабрабыту, поспеху, і каб агонь даводзілася часцей за ўсё бачыць толькі ў каміне.
Граматай Міністэрства па надзвычайных сітуацыях адзначана шматгадовая бездакорная служба камандзіра аддзялення ПАВЧ № 1 Ігара Чайкоўскага. Нагрудны знак Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь «Выдатнік» уручаны камандзіру аддзялення пажарнага аварыйна-выратавальнага паста № 11 Аляксандру Трайнелю.
За вялікі асабісты ўклад у барацьбу з пажарамі і намаганні па папярэджанні надзвычайных сітуацый група выратавальнікаў напярэдадні прафесійнага свята адзначана памятным нагрудным знакам «165 год пажарнай службе". Гэта Сяргей Новік, Аляксандр Трафімчык, Аляксандр Журскі, Дзмітрый Ляўкевіч, Дзмітрый Плюснін, Сяргей Мазоль. Падчас урачыстасці Граматамі Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС за дасягненне высокіх паказчыкаў і добрасумленнае выкананне службовых абавязкаў адзначаны камандзір аддзялення ПАСП № 11 Валерый Ламака і вадзіцель ПАСП № 14 Юрый Гізоўскі.
Начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргей Казушчык павіншаваў калег з прысваеннем чарговых і датэрміновых спецыяльных званняў. Прафесійнае свята для гэтай прыемнай місіі - добрая нагода. Ён уручыў таксама грамату Беларускай арганізацыі ветэранаў пажарнай службы былому начальніку раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргею Малышчыку. Памятныя сувеніры атрымалі выратавальнікі, якія цяпер на заслужаным адпачынку.
Для работнікаў пажарнай службы артысты раённага цэнтра культуры і народнай творчасці падрыхтавалі канцэртную праграму. Яна прайшла пад сімвалічнай назвай " Віват, пажарныя Айчыны!». А выратавальнікі аддзячылі спявачак за святочны настрой ружамі.
Па матэрыялах газеты «Перамога»